-
Наши новости
-
07 октября 2024
-
06 октября 2024
-
05 октября 2024
-
04 октября 2024
-
-
У музей завіталі маладыя працаўнікі РСУП “Алекшыцы”.
21 февраля 2023У панядзелак, 20 лютага, у музеі Вавёркі адбыліся музейныя заняткі «Родная мова – крыніца натхнення», прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы. У рамках дзейнасці патрыятычнага клуба “Спадчына” ў музей завіталі маладыя працаўнікі РСУП “Алекшыцы”.
Сустрэча праходзіла ў форме інтэлектуальнага турніру. Але спачатку дырэктар музейнай установы Наталля Таргонская пазнаёміла гасцей з гісторыяй узнікнення міжнароднай даты і з найбольш цікавымі фактамі пра мовы розных краін свету, прапанаваўшы, у тым ліку, паглядзець пазнавальны відэаролік.
Дарэчы, гісторыя свята сумная. 21 лютага 1957 года ў горадзе Дака, сталіцы Бангладэша, загінулі пяцёра студэнтаў, якія адстойвалі права прызнаць родную для іх бенгальскую мову дзяржаўнай. Рашэнне адзначаць Міжнародны дзень роднай мовы менавіта ў гэты дзень абвешчана ў 1999 годзе ЮНЕСКА з мэтай захавання лінгвістычнай разнастайнасці і шматмоўя ў сучасным свеце. Цікава, што ў свеце існуе каля 7000 жывых моў. Кожныя два тыдні “памірае” адна мова, а за ўсю гісторыю знікла ўжо 9000 моў.
Сваё веданне роднай мовы ўдзельнікі турніру праверылі падчас інтэлектуальных заданняў. Неабходна было на хуткасць перакласці назвы прадметаў і адгадаць фразеалагізмы па малюнках, назваць беларускіх паэтаў і пісьменнікаў па назве іх твораў, правільна адказаць на жартоўныя загадкі.
– Лічыла, што родную мову ведаю нядрэнна, аднак многія заданні прымусілі задумацца, а ці так гэта, – дзеліцца ўражаннямі ўдзельніца сустрэчы Анжэліка Кудлаш. – Пастараюся ліквідаваць гэтыя прабелы. Нам у спадчыну засталася мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная мова. І на ёй трэба размаўляць.
Паездка маладзёжнага калектыву РСУП “Алекшыцы” ў музей Вавёркі на музейныя заняткі, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, запланавана ў рамках Года міру і стварэння.
– Лічу, што паняцці міру, стварэння і любові да роднай мовы вельмі блізкія, – гаворыць намеснік дырэктара РСУП “Алекшыцы” па ідэалагічнай рабоце Алеся Капіца. – Беларускі народ міралюбівы і працалюбівы, і па гэтых якасцях нас ведаюць ва ўсім свеце. Нацыянальная мова таксама нас вызначае сярод іншых. Няма народа без мовы, як і няма мовы без яго носьбіта. Таму ведаць родную мову вельмі важна.